Илья и Сергей
09.09.2019 - Национальный центр усыновления

Ілля

Ілюшы толькі што споўнілася пяць гадоў. Не па ўзросце старанны і адказны, Ілля пазітыўна настроены ў адносінах да дзяцей і дарослых. Часам яму не хапае рашучасці ў адстойванні ўласных інтарэсаў – хлопчык сарамлівы, мяккі і чуллівы. На занятках ён ахвотна вучыцца лічыць, маляваць і перажывае, калі штосьці не ўдаецца. Ілюшы падабаецца гуляць з машынкамі, катацца на самакаце, канструіраваць. Чытаць ён пакуль не ўмее, толькі разглядвае малюнкі ў кніжках, але можна не сумнявацца: неўзабаве кніга стане для яго найлепшым сябрам.

 

У Ждановіцкім дзіцячым доме Ілля жыве каля года. Дзіцячая ўстанова знаходзіцца ў ціхім утульным месцы, на тэрыторыі шмат дрэваў, кветак, чыстае паветра. Разам са сваім сябрам Сярожам і іншымі рабятамі Ілля любіць пабегаць, пагуляць на вуліцы, пакатацца з горкі і на самакаце. Але, вядома, нават добрыя ўмовы і ўважлівыя выхавацелі не заменяць дзіцяці ўвагі і пяшчоты, якія можна атрымаць у сям’і.

Усынавіць хлопчыка нельга, але можна ўзяць на выхаванне ў прыёмную ці апякунскую сям’ю. Ілля, без сумневу, парадуе прыёмных бацькоў сваім спакойным, ласкавым характарам. Хлопчык мае вялікую патрэбу ў любові, увазе і эмацыйным цяпле і адкажа на добрыя адносіны ўдзячнасцю.

ДУА “Ждановіцкі дзіцячы дом”, тэл. 8-(017)-509-93-90.

 

 

Сярожа

Сярожа – жвавы, гарэзлівы, з вясёлым і прыязным характарам. Хутка яму споўніцца шэсць гадоў. Хлопчык з задавальненнем катаецца на самакаце, гуляе ў рухавыя гульні. Канструктар і цацачныя інструменты таксама прыцягваюць ягоную ўвагу. Можа, у будучым Сяргея чакае кар’ера будаўніка? Лепшы яго сябар – Ілля, хлопчыкі паступілі ў Ждановіцкі дзіцячы дом адначасова каля года назад.

Камунікабельны Сярожа без аніякіх праблем знаходзіць кантакт з дзецьмі ды дарослымі. Ён ахвотна пакажа вам свае любімыя кніжкі, размалёўкі. Усынавіць Сярожу нельга, але іншыя формы сямейнага ўладкавання будуць для яго найлепшым выйсцем. Рэгулярныя індывідуальныя заняткі пойдуць хлопчыку на карысць. У сям’і Сярожа зможа лепш развіць свае задаткі ды схільнасці, а прыёмныя бацькі атрымаюць вясёлага, актыўнага, жыццярадаснага сыночка.

ДУА “Ждановіцкі дзіцячы дом”, тэл. 8-(017)-509-93-90.

Тэкст і фота: часопіс “Алеся” №8, 2019

 

 

 

Публікацыя на сайце выдання: http://zviazda.by/be/news/20190530/1559217951-znaydzisya-dzicya